ТЭНДЗІ́Н Г’ЯТСО́, Далай-лама 14-ы (н. 6.7.1935, в. Амдо, прав. Цынхай, Кітай), духоўны кіраўнік будыстаў-ламаістаў. У 1940 абвешчаны перараджэннем (рэінкарнацыяй) Далай-ламы 13-га. У 1950 афіцыйна прыняў сан далай-ламы і стаў духоўным і свецкім правіцелем Тыбета. Пасля ўступлення кіт. войск у Тыбет вымушаны ў 1951 прызнаць суверэнітэт Кітая над Тыбетам У 1954—59 дэп. Усекіт. сходу нар. прадстаўнікоў, адначасова ў 1955—59 — старшыня падрыхтоўчага к-та па стварэнні Тыбецкага аўт. раёна. Пасля паўстання 1959 у Тыбеце эмігрыраваў у Індыю, дзе пасяліўся ў в. Дхарамсала. Выступае за незалежнасць Тыбета, але падтрымлівае выключна мірныя сродкі барацьбы. Нобелеўская прэмія міру 1989.
т. 16, с. 127
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)